УСЦЬ АРДЫ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У складзе Іркуцкай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937 як Усць-Ардынская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 22,4 тыс. км², Нас. 143 тыс. чал. (2000). Цэнтр — пас. Усць-Ардынскі (гл. карту да арт. Іркуцкая вобласць).

Размешчана ў Перадбайкаллі, у межах Лена-Ангарскага плато. Паверхня парэзана рачнымі далінамі, пераважае ўзгорыста-раўнінны рэльеф (выш. больш за 1000 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, гіпс, вапнякі, гліны. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -22 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 300 мм за год. Гал. р. Ангара з прытокамі Іда, Куда і інш. На крайнім ПнУ рэкі бас. Лены (Манзурка, Куленга). Частка Брацкага вадасховішча. Большая ч. тэр. ў межах Іркуцка-Балаганскага лесастэпу. Глебы дзярнова-карбанатныя і шэрыя лясныя. Пад лесам (хвоя, лістоўніца) каля 20% тэрыторыі.

Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная, харч. (масла- і сыраробная, мясная, кандытарская), лясная і дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю (Харануцкі вугальны разрэз) і гіпсу (Нукуцкае радовішча). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной і воўнавай жывёлагадоўлі. Гадуюць таксама свіней, коней. Пасяўныя пл. займаюць 550 тыс. га. Сеюць пшаніцу, авёс, ячмень, кармавыя культуры. Бульбаводства, агародніцтва. На ПдЗ акругі праходзіць Транссібірская магістраль. Даўж. аўтадарог 1770 км. Суднаходства па р. Ангара.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)